вторник, 13 сентября 2022 г.

понедельник, 12 сентября 2022 г.

Пазакласнае чытанне

Рыхтуемся да ўрока пазакласнага чытання на тэму

                   «Слова аб роднай прыродзе»,

              які адбудзецца 27 верасня (аўторак).


 
Чытаем кнігі пра  прыроду, пра адносiны чалавека да прыроды.

Матэрыял да ўрока:

Канстанцыя Буйло. «Мой Мурка», «У лесе».
Анатоль Бутэвіч. «Як сасна з бярозай пасябравала».
Святлана Быкава. «Свавольніцы», «Заранка», «Гарэза-праменьчык».
Змітрок Бядуля. «Сняжыначкі-пушыначкі».
Алена Васілевіч. «Геша».
Янка Галубовіч. «Забаўнае паляванне», «Сцяжынка», «Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка».
Віктар Гардзей. «Залаты лістапад».
Цішка Гартны. «Восень»
Ніл Гілевіч. «Цуд тварыўся — я праспаў…», «Здарэнне ў лесе».
Пятро Глебка. «На пачатку лета».
Уладзімір Дубоўка. «Восень», «Раскрытая кніга», «Хто дужэйшы?».
Васіль Жуковіч. «Скалечаны голуб», «У зялёным лузе».
Янка Журба. «Першыя сняжынкі».
Віктар Кажура. «Пакацілася сонейка».
Клаўдзія Каліна. «Красавік», «Стракатая сойка».
Казімір Камейша. «Зімовы верш».
Аляксандр Капусцін. «Казка старой сасны».
Галіна Каржанеўская. «Мышка»,«Дзе ты, Боця?».
Якуб Колас. «Каля рэчкі», «Летам».
Мікола Корзун. «Міколкаў барометр».
Янка Купала. «Вясна».
Эдуард Луканскі. «Верабейка».
Міхась Лынькоў. «Ластаўчына талака». 
Валянцін Мыслівец. «Жураўлі і жураўка».
Генадзь Пашкоў. «Палессе», «Раніца ў пушчы», «У жытнім полі».
Зіновій Прыгодзіч. «Джэк і Рыжык».
Павел Ткачоў. «Тася».
Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «У кожнага свае справы».
Іван Шамякін. «Воўк».

Джэк і Рыжык
Зіновій Прыгодзіч
Пісьменнік Зіновій Прыгодзіч напісаў кнігу “Арцёмкавы канікулы”. У ёй апавядаецца пра летнія прыгоды хлопчыка Арцёмкі. Прапануем раздзел з гэтай кнігі.
У Арцёмкі ў вёсцы ёсць хвастатыя сябры – Джэк і Рыжык.
Джэк – унікальны сабака. Немагчыма вызначыць яго пароду. Яна нейкая зборная, змяшаная. Пыска – як у аўчаркі, толькі меншая, драбнейшая. Тулава доўгае, а лапкі маленькія, кароценькія, як у таксы. Поўсць доўгая, як у ёркшырскага тэр’ера. Натура незласлівая, гуллівая, дружалюбная, як у лабрадора. А вочы заўсёды хітрыя-хітрыя, як у дварняка.
Джэк вельмі любіць сваіх суседзяў, заўсёды іх прыезд сустракае шумным, радасным брэхам. Хто ведае, як ён вызначае іх машыну, але кожны раз, як толькі дзядулеў “Фальксваген” зварочвае з асфальтавай дарогі на вясковую вуліцу, Джэк усё кідае і ляціць насустрач. А тады ўжо, пераняўшы машыну, бяжыць наперадзе і апавяшчае на ўсю вёску: “Прыехалі! Прыехалі!..” Пры гэтым іншы раз так захопіцца, што ніяк не можа спыніцца. Тады дзед Жэня вымушаны яго дабрадушна ўшчуваць:
– Ну-ну, хопіць ужо, хопіць…
Джэк – істота надзвычай міралюбная. Няма ў яго ніякай злосці, нікога ніколі без толку не аббрахаў, не напалохаў. А калі, бывае, і гаўкне раз-другі на таго, хто праходзіць міма двара, то такім чынам хутчэй вітаецца з чалавекам ці з цікаўнасці пытаецца ў яго, куды і дзеля чаго той ідзе. Праўда, не ўсе разумеюць яго добрых намераў і абыякава адмахваюцца.
Не разумеюць Джэка і некаторыя вясковыя сабакі. Асабліва тыя, што навязаны ў двары. Калі Джэк прабягае міма, то яны ажно рвуць ланцуг, здаецца, гатовыя з’есці яго ад злосці, ад зайздрасці, што ён вольны, можа наведвацца да любой сяброўкі…
У Рыжыка – свая гісторыя.
З’яўленне яго на дачы было арыгінальным. Аднаго разу Арцёмка і дзядуля рамантавалі ў двары веласіпед. Нечакана адтуль, дзе ў іх садок, пачулася жаласнае мяўканне.
– Гэта ў нас? – здзівіўся Арцёмка.
– Наўрад ці… – абыякава адазваўся дзядуля. – Гэта, відаць, у суседзяў. Яны завялі сабе маленькага коціка. Можа, есці просіць.
Аднак мяўканне не сціхла. Наадварот, яно рабілася ўсё больш гучным, настойлівым, адчайным.
Арцёмка і дзядуля кінулі свой занятак і пайшлі ў садок. Якое ж было іх здзіўленне, калі на плоце пабачылі маленькі рыжы камок. Кацянё неяк ускараскалася на высокі плот, а злезці назад ужо не хапала духу. І коцік у адчаі стаў прасіць дапамогі.
Арцёмка асцярожна зняў малечу з плота і ўзяў на рукі. Але коцік, набраўшыся страху, усё яшчэ дрыжэў, ніяк не мог супакоіцца.
– Ну ціха ты, ціха, Рыжык… Дзядуля, давай яго будзем зваць Рыжыкам?
– Добра. Але ж гэта не наш каток. Што скажуць суседзі, калі мы яго забяром?
– А мы не будзем забіраць назаўсёды. Хай проста прыходзіць да нас у госці.
– Ну дык скажы яму гэта.
– А як?
– Вельмі проста. Пачастуй чым-небудзь смачным, і ён будзе прыбягаць да цябе кожную раніцу.
Арцёмка наліў у сподачак падагрэтага малака і паставіў перад Рыжыкам. Той тыцнуўся пыскай у сподачак раз, другі і, рассмакаваўшы, пачаў ахвотна хлябтаць.
– Падабаецца! Падабаецца! – цешыўся Арцёмка.
Рыжык дапіў малако і акуратна вылізаў сподачак язычком. Арцёмка зноў узяў яго на рукі і стаў гладзіць. Коцік ад задавальнення заплюшчыў вочы і салодка замурлыкаў.
Дзядуля назіраў з цёплай, задаволенай усмешкай. Калі Арцёмка нагуляўся з коцікам, сказаў:
– А цяпер мы ў плоце зробім для Рыжыка дзірачку, каб ён больш не лазіў праз верх.
І Рыжык сапраўды стаў прыходзіць да іх амаль кожны дзень.
Лета, аднак, мінула вельмі хутка, і Арцёмка, развітаўшыся з Джэкам і Рыжыкам, паехаў у горад, зноў пайшоў у школу. Але ўсю зіму ўспамінаў сваіх верных сяброў, з нецярпеннем чакаў новай сустрэчы з імі.
Анатоль Бутэвіч. «Як сасна з бярозай пасябравала».
Адбылося гэта ранняй вясной. Як толькі стала прыграваць сонейка, шышкі на лясной сасне сталі шурпатымі і бухматымі. Адна лускавінка адставала ад другой, цягнулася насустрач сонцу. Тады ў цёмнай глыбіні шышкі можна было ўбачыць маленькае чорнае зернейка. Дагэтуль яно хавалася ад прыродных нягод і цікаўных вачэй у цёплым і ўтульным дамку. Атуляла зернейка празрыстае крыло-ветразь. Калі ж сасну пачынаў хістаць ветрык, ветразь ажываў і варушыў зернейка.
І вось адно зернейка не вытрымала спакусы. Захопленае яркім сонечным святлом, яно выпырхнула на волю. Гэта ўбачылі іншыя. Што тады пачалося! Адно за адным з шышак выскоквалі ўсё новыя зернейкі. Ласкавы ветрык падхопліваў іх у свае далоні і веерам рассыпаў у паветры. Гэты мітуслівы клубок нагадваў патрывожаны пчаліны рой.
Неўзабаве тое першае зернейка адарвалася ад сваёй маці-сасны, ад роднага лесу і паплыло-паляцела на крылах ветру. Нечакана гарэза-ветрык пачаў падымаць яго ўгару.
– Бывайце, родненькія, – закрычала зернейка. – Я лячу да сонца… Да самага сонца!
І мо з-за вялікай узрушанасці, а мо ад нечуванай радасці зернейка не пачула папярэджання сваіх аднапляменнікаў:
– Не спяшайся, зернейка. Не адрывайся ад зямлі. Там вельмі горача, згарэць можаш…
Але зернейка не чула іх. Яно забаўлялася з ветрам. Вось зернейка над вялікім полем. Вось унізе заблішчала незвычайнае люстэрка.
– Гэта возера, – патлумачыў ветрык.
Раней зернейка нічога падобнага не бачыла. Таму ўсё было яму цікава. Пільна ўзіралася ў вуліцы вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак. Там снавала шмат людзей. Многія пазіралі ў неба, засланяючы далонню вочы ад сонца. Зернейку здавалася, што яны вітаюць яго, запрашаюць у госці.
І яно пачало апускацца. Ляцела так хутка, што ад страху ажно галава закружылася.
Яму так захацелася папрасіць дапамогі ў сваіх сяброў, што стала азірацца навокал. Ды дзе іх убачыш, калі зернейка адляцелася мо на дзясяткі кіламетраў.
Ды не пакінуў небараку ў бядзе ветрык. Ён падхапіў зернейка і панёс над самай зямлёй. Супакоілася зернейка, пачало цудоўнымі пейзажамі любавацца. А тады нечакана папрасіла ў ветру:
– Адпусці мяне на волю. Хачу на зямлю, у свой лес, да маёй матулі сасны.
– Я адпушчу, – адказаў вецер, – але ж твой родны лес вельмі далёка адгэтуль.
– Нічога, як-небудзь дабяруся.
– Ну глядзі, не пашкадуй, – адказаў вецер і сцішыўся.
Зернейка пачало апускацца. Ды не было лесу там, куды давялося прызямліцца. Унізе чарнела асфальтам шырокая дарога. Спалохалася зернейка, пашкадавала, што адарвалася ад сваёй сямейкі. “Ну, усё, – падумала. – Так недарэчна давядзецца загінуць”.
Яно напружылася, пахітала ў паветры крылом-ветразем і ўпала. Ляжыць на высахлай за зіму траве. Зусім побач узвышаецца дзіўнае дрэва. Галінкі – без іголак, кара – белая.
– Не бойся мяне, я бяроза, – патлумачыла дрэва. – Хоць і расту не ў лесе, а каля дарогі, выратую цябе.
Зернейка паабяцала не адрывацца ад бярозы. Сцішылася, у сухую траву схавалася і цесна-цесна да сваёй ратавальніцы-бярозкі прыціснулася.
Так мінуў не адзін дзень. Сонейка ахвотна сагравала зямлю. Дажджавыя кропелькі яшчэ больш адбельвалі белую бярозу, шчодра палівалі зернейка. Неўзабаве на бярозе з’явіліся першыя лісточкі. Каля яе зазелянела трава-мурава. Зернейка і не заўважыла, як моцна прыляпілася да зямлі. А калі захацела адарвацца, не змагло. Пругкі карэньчык прабіўся з яго і стаў урастаць у зямлю.
Неўзабаве на свет вылузнуўся кволы сасновы парастак. Каля самай бярозкі. Усё вышэй клікала яго шчодрае сонейка. Ад ветру бяроза захінала.
“А мо і добра, што тут маё прыстанішча, – падумала зернейка. – Ніхто не крыўдзіць, белая бярозка сапраўднай маці стала”.
Так мінуў адзін год, другі. Расце сабе сасонка, сілы набіраецца. Цесна прыціскаецца да сваёй ратавальніцы.
А тады пачала сасонка ўслед за сонейкам галоўкай вадзіць, цяпло яго ловячы. Не заўважыла, як адзін раз абвіла бярозавы ствол, пасля яшчэ раз і яшчэ…
Неяк на шашы, што вядзе ў Нясвіж, спынілася машына. З яе выйшлі тата з мамай і іхні сынок Коля. Любуюцца бярозкай, яе густалістай кронай. А тады сынок як закрычыць:
– Тата, мама, паглядзіце, што каля бярозкі расце!
Зірнулі тыя і надзівіцца не могуць: як гэта сасна так цесна вакол бярозы абвілася? Не ведаюць яны, што гэткім чынам маладая сасонка аддзячвае сваёй ратавальніцы, аберагае яе ад розных нечаканасцяў. Бо вядома, што ўдваіх заўсёды лягчэй бараніцца.
Прызнаюся, што гэты цуд прыроды сапраўды знаходзіцца на дарозе Нясвіж – Гарадзея. Будзеш ехаць у Нясвіжскі замак – спыніся, падзівіся і моцы духу набярыся, сапраўднаму сяброўству павучыся.
Аляксандр Капусцін
«Казка старой сасны»
Па дарозе ў лес разгаварыліся Міколка з Косцікам, хто якую пару года больш любіць.
– Я восень і зіму люблю, – сказаў Міколка. – Увосень дрэвы прыгожыя: і зялёныя, і жоўтыя, і чырвоныя. А зімой снег бялюткі, і вецер у ім свішча.
– У снезе свішча? – здзівіўся Косцік.
– Так, я сам чуў. Гурба во так выгнулася, – Міколка падняў руку і прыгнуў пальцы казырком, – дык вецер там – фіў, фіў. Я, калі вырасту, на машыніста вывучуся. Буду ездзіць на электрычцы і глядзець на прыгожы лес, на белы снег.
– А я люблю вясну і лета, – прызнаўся Косцік. – Вясной, як сонца прыгрэе, ручайкі булькаюць, звіняць. А летам – кветкі ўсюды. І ў бабчыным агародчыку, і на лузе за рэчкай. У лесе птушкі спяваюць…
– Чуеш зязюлю, Косця? – перабіў сябра Міколка. – Гэта яна з зайчыкам у хованкі гуляе.
– Скажаш, у хованкі! – не паверыў Косцік. – Хіба зязюля па зямлі бегае?
– Не, яна схаваецца ад зайчыка ў голлі і – ку-ку, ку-ку. Ён падбяжыць да дрэва, а яна пераляціць на другое і зноў кліча яго.
Па вершалінах гонкіх хвой прабег лёгкі ветрык. Яны заварушыліся, ціха загаманілі. Міколка падышоў да старой сасны, узняў галаву і прыслухаўся.
– Чуеш?
– Што – чуеш?
– Яна казку складае.
– Дрэва – казку? Што ты выдумляеш?
– Мама кажа, дрэвы мудрыя. Іх толькі трэба ўмець слухаць. Жыў-быў… Гэта мама так казкі пачынае. Жыў-быў у лесе калючы вожык. Ён таксама захацеў пагуляць з зязюляй у хованкі. Прыпусціўся на перагонкі з зайчыкам, раптам чуе ззаду: “Ну, заяц, пачакай!” І воўк – цап зайца за хвост. Вожык скруціўся ў клубок, скочыў на ваўка і пракаціўся па спіне туды-сюды… Во як яму, драпежніку! Няхай не крыўдзіць зайчыка!
– Воўк бег, а вожык не зваліўся з яго? – засумняваўся Косцік. – Я вунь у кіно бачыў: з каня – і то звальваюцца. Хлусіш ты ўсё.
Міколка падумаў і адказаў упэўнена:
– Не хлушу, у казках усё бывае!
Ён зноў паглядзеў на сасну. Косцік таксама падняў галаву, прыслухаўся.
– Чуеш? – шэптам спытаў Міколка.
– Чую, – адказаў Касцік.
Сябры слухалі трапяткім сэрцам казку старой сасны.

воскресенье, 11 сентября 2022 г.

Внеклассное чтение

 Ребята, готовимся к уроку внеклассного чтения, который будет проведён 28 сентября (среда).


1. Самые интересные книги, прочитанные летом.
2. Былины в пересказе для детей.

среда, 7 сентября 2022 г.

Родительское собрание

Уважаемые родители, приглашаю Вас в четверг, 8 сентября, в 18.30 на классное родительское собрание на тему

 "Особенности организации образовательного процесса

 в 4 классе ".